Накануне районного праздника «Дажынки», мы встретились с председателем районного Совета депутатов Р. В. Чепиковым

0
617

imagesСтаршыня раённага Савета дэпутатаў Р. В. Чэпікаў двойчы быў удзельнікам свята вяскоўцаў. Напярэдадні раённага свята “Дажынкі” мы сустрэліся з Рыгорам Васільевічам.
—Падзяліцеся вашымі ўражаннямі ад рэспубліканскага свята, у якім вам пашчасціла ўдзельнічаць двойчы.
— Як толькі размова заходзіць пра сабраны ўраджай, у маёй памяці ўсплывае шчаслівы момант з дзяцінства, калі маці даставала з печы круглыя, як сонейка, боханы хлеба, у радок раскладвала іх на лаўцы, засланай чыстым ручніком, і накрывала другім. Тады водарам духмянага хлеба запаўнялася ўся хата. І наразаючы хлеб, бохан яго прыціскалі да грудзей, да сэрца, бо селянін ведаў, колькі працы даводзілася ўкласці ў кожную яго лустачку. Таму свята, якое ладзілася пасля ўборкі ўраджаю, кожны сустракаў з вялікай радасцю. Менавіта ад таго, колькі зерня будзе засыпана ў засекі, залежыў дабрабыт селяніна і будучыня ўсёй сям’і.
Сучасныя “Дажынкі” адрозніваюцца сваёй шчодрасцю, нацыянальным каларытам, хаця, як і раней, галоўная ўвага на іх удзяляецца яго Вялікасці Хлебу і тым, хто яго вырасціў і сабраў. Гэта сапраўднае свята душы! Тут адбываюцца сустрэчы з майстрамі сваёй справы, якім выказваюць словы падзякі за працу, уручаюць падарункі. Тут не толькі падводзяць вынікі сельскагаспадарчага года і ставяць задачы на будучае, але і раюцца, абмяркоўваюць, што трэба зрабіць, каб зямля дзякавала хлебароба за працу шчодра ўраджаем.

—Рыгор Васільевіч, на вашу думку, якая роля “Дажынак” увогуле?
— На маю думку, свята “Дажынкі” адыгрывае важную ролю не толькі ў развіцці сельскай гаспадаркі. У нашай рэспубліцы “Дажынкі” са звычайнага свята земляробаў перараслі ў маштабную падзею, якая носіць не толькі забаўляльны характар, але і мае пад сабой эканамічную і сацыяльную аснову. Сацыяльны аспект “Дажынак” у тым, што свята прывівае любоў да роднай зямлі. Дзякуючы яму наша краіна змагла не толькі забяспечыць харчовую бяспеку, але і з кожным годам нарошчваць экспартны патэнцыял. Дзякуючы “Дажынкам” добраўпарадкоўваліся раённыя цэнтры, дзе праходзіла свята. Яны ператварыліся ў прыгожыя куткі Беларусі, якія вабяць вока. Нават Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка, выступаючы на адкрыцці аднаго з рэспубліканскіх свят вяскоўцаў, падкрэсліў: “Скажу шчыра, прыемна бываць у тых гарадах, якія станавіліся месцам правядзення “Дажынак”. Яны мяняюцца да лепшага, маладзеюць, атрымліваюць магутны імпульс для далейшага развіцця. Так і належыць – уся наша краіна павінна быць прыгожай, добраўпарадкаванай, утульнай для жыцця людзей. І гэта адна з важных задач кіраўніка дзяржавы і ўсіх структур улады”.
Я ўпэўнены ў тым, што ўсе, хто нейкім чынам далучыўся да падрыхтоўкі свята, ці быў яго ўдзельнікам, атрымаў не толькі нейкае задавальненне, а ўдзел у спаборніцтве хлебаробаў натхніў кожнага дасягаць больш высокіх вынікаў, за што пераможцы атрымліваюць павагу, пашану, падарункі. Поспех перадавікоў — для іншых добры прыклад для пераймання.

—Гэту выснову вы зрабілі з асабістага вопыту?
—Пэўна, так. У 2006 годзе мне давялося прадстаўляць на рэспубліканскіх “Дажынках” калектыў “Цэмагра”. Тады я працаваў намеснікам генеральнага дырэктара Беларускага цэментнага завода па сельскагаспадарчай вытворчасці. У той год земляробы гаспадаркі занялі трэцяе месца ў вобласці па нарыхтоўцы кармоў. А сельгаскааператыў “Прагрэс” быў на другім месцы. Дарэчы, і гэты калектыў быў удастоены права прымаць удзел у “Дажынках”. Праз тры гады, у 2009 годзе, цэмаграўцы зноў былі ў лідэрах абласнога спаборніцтва. І мы атрымлівалі ўзнагароды на рэспубліканскіх “Дажынках” за другое месца ў абласным спаборніцтве. Зразумела, што калектыў земляробаў прыклаў нямала намаганняў для развіцця кармавой базы, каб выйсці ў лідэры.

—Рыгор Васільевіч, сёлета прынята рашэнне праводзіць “Дажынкі” на раённым узроўні – у аграгарадках і на абласным – па чарзе ў раённых цэнтрах.
— Гэта таксама вельмі добра. “Дажынкі” ў нашым раёне пройдуць на базе аграгарадка Белая Дуброва. Лідэры абласнога спаборніцтва прымуць удзел у абласных “Дажынках”, якія рыхтуюцца правесці на базе Кіраўскага раёна. Уяўляю, што праз 10 гадоў усе аграгарадкі і буйныя населеныя пункты нашага раёна, вобласці набудуць новае аблічча, стануць больш добраўпарадкаванымі і ўтульнымі. А ў выніку могуць стаць добрымі турыстычнымі аб’ектамі. Калі ў гэтым годзе на падрыхтоўку месца правядзення раённых “Дажынак” было вельмі мала часу, то да наступнага свята вяскоўцаў давядзецца рыхтавацца ўвесь год. Будзе дастаткова часу, каб зрабіць нешта арыгінальнае, наколькі дазволіць фантазія гаспадароў “Дажынак”. А ў нашым раёне дастаткова сапраўдных, таленавітых майстроў, якія даўно праславіліся сваёй творчасцю. Я маю на ўвазе і разьбяроў па дрэве, музыкантаў і выканаўцаў, як народных песен, так і сучасных. Яны таксама ўпрыгожанне свята. І іх майстэрства расце з кожным годам.

— Вашы пажаданні ўдзельнікам сёлетняга свята вяскоўцаў.
— Паважаныя хлебаробы Касцюкоўшчыны! Я ад душы дзякую ўсім за вашу працу і дастойны ўклад у забеспячэнне харчовай бяспекі краіны. Віншую вяскоўцаў са святам! Жадаю ўсім прыемнага адпачынку, моцнага здароўя, каб кожны ўдзельнік яго адчуў у гэты дзень важнасць працы хлебароба і з павагай адносіўся да людзей, якія сеюць і ўбіраюць збажыну. І хай гучыць на свяце песня добра, услаўляецца праца хлебароба. Яна дае лагодны настрой, новыя сілы і веру ў лепшае заўтра. Жадаю вам і вашым блізкім моцнага здароўя, дабрабыту, міру, шчасця і поспехаў у стваральнай працы на карысць раёна і нашай Беларусі.

Гутарыла Наталля Кавалёва.
Здымак Людмілы Смаляковай.

Нет постов для отображения