«Вера ў будучыню нас акрыляла»

У тыя далёкія 50-70-я гады большасць нашых юнакоў і дзяўчат былі камсамольцамі ці камсамолкамі. Належыць да УЛКСМ з’яўлялася вялікім гонарам для маладых людзей майго пакалення. 

Якія цудоўныя песні пра камсамол тады мы спявалі! Якія ўзнёслыя вершы мы складалі! Нават сёння я помню вельмі крануты мяне школьны верш, напісаны ў 1943 годзе нашым земляком, паэтам Аркадзем Куляшовым, пра камсамольскі білет і юнага героя, які на допыце не скарыўся фашыстам, нягледзячы на страшэнныя здзекі і мукі. Вось радкі: “Немец-жандар дакурыў папяросу і камсамольскі білет падае. “Вось і білет твой, – сказаў ён ласкава. – І ад яго на вачах у людзей ты адцурайся, выгодная справа – жыць застанешся, жыццё даражэй”.

Не. Не адцураўся юнак ад маленькай чырвонай кніжачкі ля сэрца, адказаўшы кату так: “Лепш сам я зайдуся ад лютай вады, хай лепей сэрца мне спаліць свінец”.

Верныя сваім старэйшым таварышам-камуністам, мы ў пасляваенны час былі надзейнымі ім памочнікамі ў ажыццяўленні ўсіх планаў і задумак партыі, накіраваных на паляпшэнне жыцця нашых людзей. Калі партыя кінула кліч асвойваць казахстанскія стэпы, каб даць знясіленай вайной краіне больш хлеба, першымі на яе заклік адгукнуліся камсамольцы. Крыху пазней быў БАМ: у далёкі нязведаны шлях пайшлі эшалоны са студэнцкімі будаўнічымі атрадамі на будаўніцтва Байкала-Амурскай магістралі. Першапраходцам заўсёды цяжка, але моладзь, як яе бацькі, ў ваенны час вытрымала ўсе выпрабаванні. Вялікая колькасць беларускіх юнакоў і дзяўчат удзельнічала ў гэтых гераічных справах краіны.

У складзе студэнцкага атрада працаваў на цаліне касцюковіцкі хлопец, мой муж, тады студэнт Беларускага політэхнічнага інстытута Анатоль Канаплёў. З нашай сям’і ён адзіны. Пішу гэтыя радкі, а перада мной камсамольскі білет сына Ігара, пад нумарам 58184794, выдадзены Цэнтральным райкомам ЛКСМ Беларусі г. Мінска ў лютым 1980 года. Гэтую тоненькую чырвоную кніжачку з таго часу берагу сярод самых важных сямейных рэліквій. Ігар таксама, як яго бацька, – студэнт БПІ, са студэнцкім будаўнічым атрадам пабываў на цаліне. Адтуль ён часта пісаў дадому цікавыя лісты пра дзівосны для яго край, пра яго незвычайную прыроду, пра мясцовыя звычаі і скупа  пра працу. Лісты заўсёды былі радасныя, узнёслыя. Маладосць жа! Але мы, бацькі, чыталі і паміж радкоў пра тое, што ім, асабліва гарадскім хлопцам, было там нялёгка.

Раздумваючы зараз над тым, чаму так ахвотна, смела, з маладым запалам ішла моладзь на гераічныя подзвігі не толькі ў ваенны, але і мірны час, сама сабе адказваю: мы і дзеці нашы былі апантаныя вялікай ідэяй – пабудаваць светлае будучае. Гэта мара ўсіх нас акрыляла і клікала наперад.

Стаць камсамольцам і быць у радах членаў гэтай маладзёжнай арганізацыі было вялікай падзеяй не толькі для маладых людзей, але і для іх бацькоў, іх сем’яў. Мы з мужам радаваліся, калі з камсамольскімі білетамі вярталіся дамоў нашы дзеці – спачатку старэйшая дачка Алена, потым – сын Ігар. Сустракалі іх святочным сталом, абавязкова з торцікам ці яшчэ з чым-небудзь смачным.

На школьным двары.

На школьным двары.

Помню нават дзень свайго ўласнага паступлення ў камсамол. Мяне таксама сустракалі мае бацькі па-святочнаму. Праўда, святочны стол быў больш сціплы: вінегрэт, селядзец з бульбай. А яшчэ быў бохан белага хлеба – найлепшы пачастунак па тым часе. Бацька мой, Іван Мікалевіч Малінковіч, які прайшоў усю вайну ад першага да апошняга дня і заўсёды лічыў сябе ў душы камуністам, у той дзень быў у асабліва прыўзнятым настроі: як жа, дачка вырасла, камсамолкай стала!

Кожны год 29 кастрычніка, калі надыходзіць свята – Дзень нараджэння камсамола, а сёлета дата знамянальная – 100-годдзе, мы разам з моладдзю ўспамінаем наша паўвекавой даўнасці юнацтва і нашы справы камсамольскія. Разам з успамінамі прыходзіць і настальгія. Не толькі па былым юнацтве. Настальгія па нязбыўшыхся марах і глыбокае расчараванне ў тым, што тое “цудоўнае заўтра”, якое мы будавалі,  ўсё ж не дабудавалі, не паспелі. І не па нашай віне настаў іншы час. Новы час і новыя, ужо другія песні. І ўсё ж, нягледзячы на нашы тагачасныя цяжкасці і хібы ў асноўным нашым накірунку, мінулае наша было цікавым і змястоўным.

Не ўсе камсамольцы станавіліся героямі, не ўсе асвойвалі казахстанкія стэпы, не ўсе будавалі БАМ. У большасці сваёй мы, камсамольцы, сваю будучыню будавалі ў сябе дома – на месцах, дзе жылі, вучыліся, працавалі.

Касцюковіцкі райком камсамола ў той час праводзіў асабліва вялікую работу па выхаванні моладзі. У раёне не абыходзіліся таксама без дапамогі камсамольцаў у гаспадарчых справах – падчас сяўбы, касьбы, ўборкі ўраджаю, у добраўпарадкаванні горада. Усюды патрэбны былі нашы маладыя рукі і гарачыя сэрцы.

Успамінаецца, як ахвотна, з маладым запалам мы, школьнікі, удзельнічалі ў азеляненні нашай цэнтральнай Ленінскай вуліцы. Многія з нас нават памячалі дрэўцы сваімі імёнамі. Праз год-два зашалясцела маладая лістота паабапал дарогі – ад цэнтра да вакзала. Калі пасля школы мы раз’ехаліся ў розныя куткі краіны, а потым вярталіся дамоў на канікулы ці ў адпачынак, то абавязкова адшуквалі ў роўных радах пасадак свае, сваімі рукамі пасаджаныя дрэўцы. Абдымалі іх і радаваліся – і дрэўцу, і радзіме, да якой прыехалі на спатканне.

А яшчэ камсамол шэфстваваў над піянерскай арганізацыяй. За самымі актыўнымі камсамольцамі, выдатнікамі вучобы былі замацаваны піянерскія атрады. Мне даручылі пяты клас. Трэба было адказваць і за паспяховасць сваіх хлопчыкаў і дзяўчынак у чырвоных гальштуках, і за іх паводзіны, да святаў рыхтаваць выступленні мастацкай самадзейнасці. У сувязі з гэтым успамінаю свайго памочніка Пецю Лазбанікава. Хлопчык паспяхова вучыўся і добра іграў на гармоніку, таму піянерскае жыццё нашага атрада “кіпела”. Пад нескладаныя акорды Пецевага гармоніка мы спявалі нашы бадзёрыя піянерскія песні, больш за ўсё патрыятычныя. О, якімі светлымі і радаснымі былі тыя, зусім яшчэ юныя нашы гады. З Пецем мы сустрэліся амаль праз паўвека.

Аднойчы познім вечарам разам з жонкай Пётр Андрэевіч з’явіўся на парозе маёй мінскай кватэры. Сям’я яго вярталася з Прыднястроўя на радзіму, ў Касцюковічы. У Мінску ім трэба было звярнуцца ў расійскае пасольства.

– Зайшлі вось пабачыцца! Дзе тут жыве мая піянерважатая? Такім радасным і цёплым было яго прывітанне і такім знаёмым голас, што мне падалося, быццам мы толькі ўчора развіталіся.

Пакінуўшы іх на начлег, мы амаль цэлую ноч прагаварылі, успаміналі Касцюковічы, знаёмых, суседзяў і, вядома ж, школу!

Лазбанікавы паведамілі нам, як хораша жылося ім шмат гадоў у Малдавіі і як невыносна стала цяпер у Прыднястроўі. Пятрок расказаў пра сваю работу шафёрам у паштовым аддзяленні Бендэраў, пра дарослых сыноў. Успомніў нават, як служыў чатыры гады на граніцы. Доўга ж не бачыліся!

У свабоднай гутарцы мы пачалі зноў называць сябе “мой піянер” і “мая піянерважатая”. І было ў жартаўлівых гэтых зваротах штосьці такое далёкае, але ж блізкае і роднае, асабліва калі гутарка заходзіла пра бацькоў.

Тады, пасля вайны, пасля ўсеагульнага гора людзі неяк бліжэй былі адзін да аднаго. Чужыя па крыві, яны станавіліся роднымі. Некалькі слоў пра бацьку Пеці.

Бацька яго, Андрэй Максімавіч, вярнуўся ў Касцюковічы з фронту параненым. Ён зарабляў на вялікую сям’ю, працуючы звычайным конюхам. Прайшоўшы праз пякельны агонь вайны, былы афіцэр нікому і ніколі не расказваў ні пра сваю мужнасць на фронце, ні пра свае заслугі перад Радзімай.

Аднойчы Андрэй Максімавіч папрасіў мяне як суседку заказаць у ваенторгу яму ордэнскія планкі да нейкага юбілею. Яго просьбу я выканала. Толькі сумняваюся: ці надзеў ён хоць раз у жыцці той святочны “мундзір”. Занадта сціплы быў чалавек…

Сям’я Пеці (Пятра Андрэеевіча) з Прыднястроўя ўсё ж вярнулася і ўладкавалася жыць у аграгарадку пад Касцюковічамі. Мы некалькі разоў яшчэ сустракаліся, а потым… нечакана Пятра Андрэевіча не стала. Толькі ў маёй свядомасці працягвае жыць і далей светлы вобраз нашага беларускага хлопчыка-піянера Пеці з майго далёкага камсамольскага юнацтва.

Прыпамінаецца яшчэ адзін выпадак.

Іх было трое: старшакласнікі Дзіма Гапееў, Жора Семяненка, Толя Канаплёў. У лютаўскі мароз юнакі пешшу адправіліся ў няблізкую вёску да аднакласніцы Тоні Якушавай дапамагчы назапасіць дроў. Дзяўчына пасля смерці бацькоў жыла адна ў хаце.

Калі настаўніца Фаіна Анатольеўна расказала пра гэта ў класе, трое адразу узяліся дапамагчы.

 

Цалкам артыкул чытайце ў раённай газеце.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>

Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: